ПЕ́РШАСНЫЯ І ДРУ́ГАСНЫЯ Я́КАСЦІ,

гнасеалагічныя паняцці для адрознення якасцей (уласцівасцей) рэчаў паводле прынцыпу аб’ектыўнасці. Распрацоўваліся ў філасофіі Дж.​Лока і інш. прадстаўнікоў зах.-еўрап. навукі 17—18 ст. Вытокі праблемы — у антычнай філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў суб’ектыўныя веды «па меркаванні», якія звязаны з пачуццёвым успрыманнем, і веды «па ісціне» — аб’ектыўныя, якія грунтуюцца на мысленні. Пра якасці ў двух сэнсах разважаў Арыстоцель. Больш грунтоўнае ўяўленне аб першасных якасцях у працах Г.​Галілея, Р.​Дэкарта, Т.​Гобса і Р.​Бойля. Да першасных якасцей яны аднеслі механіка-геаметрычныя ўласцівасці цел. Лок ужо падзяліў усе якасці на першасныя і другасныя. Паводле яго, першасныя якасці прадметаў не залежаць ад суб’екта, гэта аб’ектыўныя якасці (працягласць, велічыня, фігура, становішча, колькасць і інш.). Другасныя якасці, наадварот, у многім залежаць ад суб’екта (колер, гук, пах, смак, цяпло, холад і інш.). Гэту праблему закраналі Дж.​Берклі, Д.​Юм, І.​Кант і інш. філосафы. Берклі трактаваў яе ў суб’ектыўна-ідэалістычным кірунку; спрабаваў даказаць суб’ектыўнасць і другасных, і першасных якасцей. Юм і Кант таксама адкідалі аб’ектыўнасць першасных якасцей, бо не прызнавалі падабенства адчуванняў да ўласцівасцей знешніх аб’ектаў. Вытлумачаная ў суб’ектыўна-ідэалістычным духу гэта праблема стала перадумовай гнасеалогіі эмпірыякрытыцызму. З пункту гледжання дыялектыкі праблема П. і д.я. вырашальная, паколькі дыялектычны светапогляд зыходзіць з недапушчальнасці іх супрацьпастаўлення. І адны, і другія спасцігаюцца суб’ектам і з’яўляюцца суб’ектыўным вобразам аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Літ.:

Беркли Дж. Три разговора между Гиласом и Филонусом: Пер. с англ. // Соч. М., 1978;

Локк Дж. Опыт о человеческом разумении: Пер. с англ. // Соч. М., 1985. Т. 1;

Нарский И. Джон Локк и его теоретическая система // Локк Дж. Соч. М., 1985. Т. 1.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)